We Believe JesusFé, Esperança e Nova Vida

ЁВА 20

Біблія (пераклад В.Сёмухі) · bielorrusso

← ЁВА 19 ЁВА ЁВА 21 →

1І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў:

2развагі мае змушаюць мяне адказаць, і я сьпяшаюся выказаць іх.

3Дакор ганебны мне выслухаў я, і дух разуменьня майго адкажа за мяне.

4Хіба ня ведаеш ты, што спрадвеку, - з таго часу, як пастаўлены чалавек на зямлі,

5весялосьць беззаконных кароткая ў часе, і радасьць крывадушнікаў імгненная?

6Хоць бы вырасла да нябёсаў веліч ягоная, і галава ягоная дастала да воблакаў, -

7як памёт ягоны, навекі прападае ён; тыя, што бачылі яго, скажуць, дзе ён?

8Як сон, адляціць, і ня знойдуць яго; і, як начны відзеж, зьнікне.

9Вока, якое бачыла яго, больш не пабачыць яго, і ўжо ня ўгледзіць яго месца ягонае.

10Сыны яго будуць шукаць ласкі ў жабракоў, і рукі ягоныя вернуць украдзенае ім.

11Косткі яго напоўнены грахамі маладосьці ягонай, і зь ім лягуць яны ў пыл.

12Калі салодкае ў роце яго зло і ён тоіць яго пад языком сваім,

13беражэ і ня кідае яго, а трымае яго ў вуснах, -

14дык гэтая ежа ягоная ў нутробе ягонай ператворыцца ў жоўць аспідаў усярэдзіне ў яго.

15Маёмасьць, якую ён глытаў, выблюе: Бог вырве яго з чэрава ягонага.

16Зьмяіны яд ён смокча; усьмерціць яго язык зьмяіны.

17Ня бачыць яму ручаёў, рэк, якія плывуць мёдам і малаком!

18Нажытае працай верне, не праглыне; у меру маёмасьці ягонай будзе і адплата ягоная, а ён не парадуецца.

19Бо ён прыгнятаў, адсылаў бедных, захопліваў дамы, якіх не будаваў;

20ня ведаў сытасьці ў чэраве сваім і ў прагнасьці сваёй не шкадаваў нічога.

21Нішто не ўратавалася ад ненаеднасьці ягонай, затое ня вытрывае шчасьце ягонае.

22У поўніцы багацьця будзе цесна яму; рука кожнага пакрыўджанага падымецца на яго.

23Калі будзе чым напоўніць нутробу ягоную, Ён пашле на яго лютасьць гневу Свайго і здожджыць на яго хваробы ў плоці ягонай.

24Як уцячэ ён ад зброі жалезнай, - пратне яго лук медны;

25пачне вымаць стралу, - і яна выйдзе зь цела, выйдзе, зьзяючы праз жоўць ягоную; жахі сьмерці прыйдуць на яго!

26Усё змрочнае схавана ўсярэдзіне ў яго; будзе пажыраць яго агонь, нікім не разьдзіманы; ліха напаткае і ўсё, што засталося ў намёце ягоным.

27Неба адкрые беззаконьне ягонае, і зямля паўстане супроць яго.

28Зьнікне сьцягнутае з дома ягонага; усё расплывецца ў дзень гневу Яго.

29Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога і спадчына, вызначаная яму Ўсеўладным!

← ЁВА 19 ЁВА ЁВА 21 →

ЁВА 20 — bielorrusso:

ইন্ডিয়ান রিভাইজড ভার্সন (IRV) - বেঙ্গলীBeaMRK: The Gospel of Mark in Beaver (Danezaa)