We Believe JesusFé, Esperança e Nova Vida

МАЦЬВЕЯ 9

Біблія (пераклад В.Сёмухі) · bielorrusso

← МАЦЬВЕЯ 8 МАЦЬВЕЯ МАЦЬВЕЯ 10 →

1І Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў у Свой горад.

2І вось, прынесьлі да Яго паралізаванага, пакладзенага на пасьцелі. І ўбачыўшы веру іхнюю, Ісус сказаў паралізаванаму: мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі.

3І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзьнерыць.

4А Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў: навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых?

5бо што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі», альбо сказаць: «устань і хадзі»?

6Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, - тады кажа паралізаванаму: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі дахаты.

7І той устаў, узяў пасьцель сваю, і пайшоў дахаты.

8А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.

9Праходзячы адтуль, убачыў Ісус чалавека, што сядзеў на мытні, якога звалі Мацьвей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў за Ім.

10І сталася, калі Ісус узьляжаў у доме, вось, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзьлеглі зь Ім і вучнямі Ягонымі.

11І ўбачыўшы гэта, фарысэі сказалі вучням Ягоным: навошта Настаўнік ваш есьць і п'е з мытнікамі і грэшнікамі?

12А Ісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;

13ідзеце, навучэцеся, што азначае: «міласьці хачу, а не ахвяры», бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.

14Тады прыходзяць да Яго вучні Янавыя і кажуць: чаму мы і фарысэі посьцім многа, а Твае вучні ня посьцяцца?

15І сказаў ім Ісус: ці могуць засмучацца сыны харомаў шлюбных, пакуль зь імі малады? Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца.

16І ніхто не прышывае латкі зь нябеленага палатна да старой адзежыны; бо зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.

17Ня ўліваюць таксама віна маладога ў мяхі старыя; а інакш дзяруцца мяхі, а віно маладое ўліваюць у новыя мяхі, і зьберагаецца і тое і другое.

18Калі Ён ім гэта казаў, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна будзе жыць.

19І ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.

20І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай,

21бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею.

22А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе. І выздаравела жанчына з таго часу.

23А як прыйшоў Ісус у начальнікаў дом і ўбачыў жалейнікаў і зьбянтэжаны люд,

24сказаў ім: выйдзіце; бо не памерла дзяўчына, а сьпіць. І насьміхаліся зь Яго.

25Калі ж людзі былі высланы, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчына ўстала.

26І разьнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.

27І калі ішоў адтуль Ісус, ішлі за Ім двое сьляпых і крычалі: памілуй нас, Ісусе, Сыне Давідаў!

28І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!

29Тады Ён крануўся вачэй іхніх і сказаў: па веры вашай хай будзе вам.

30І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Ісус: глядзеце, каб ніхто не даведаўся.

31А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.

32Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.

33І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі ня было такога явішча ў Ізраілі.

34А фарысэі казалі: сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.

35І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і па селішчах, вучачы ў сынагогах іхніх, прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.

36Бачачы людзей, Ён умілажаліўся зь іх, бо яны былі зьнясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастуха.

37Тады кажа вучням Сваім: жніва многа, ды работнікаў мала;

38дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.

← МАЦЬВЕЯ 8 МАЦЬВЕЯ МАЦЬВЕЯ 10 →

МАЦЬВЕЯ 9 — bielorrusso:

ইন্ডিয়ান রিভাইজড ভার্সন (IRV) - বেঙ্গলীBeaMRK: The Gospel of Mark in Beaver (Danezaa)