We Believe JesusFé, Esperança e Nova Vida

МАЦЬВЕЯ 10

Біблія (пераклад В.Сёмухі) · bielorrusso

← МАЦЬВЕЯ 9 МАЦЬВЕЯ МАЦЬВЕЯ 11 →

1І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач.

2А дванаццацёх апосталаў імёны вось такія: першы Сымон, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якаў Зевядзееў і Ян, брат ягоны.

3Піліп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Тадэем,

4Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму.

5Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзеце і ў горад Самаранскі ня ўваходзьце;

6а ідзеце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага;

7і ходзячы, прапаведуйце, што наблізілася Царства Нябеснае;

8хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; задарам атрымалі, задарам давайце.

9Не бярэце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,

10ні торбы ў дарогу, ні дзьве вопраткі, ні абутку, ні кія. Бо хто працуе, той варты пракорму.

11У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце;

12а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: «мір дому гэтаму»;

13і калі дом будзе годны, дык сыйдзе мір ваш на яго; калі ж ня будзе годны, дык мір ваш да вас вернецца.

14А калі хто ня прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дома, альбо з горада таго, абцярушэце пыл з ног вашых;

15праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.

16Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы.

17Сьцеражэцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас у судзілішчы і ў сынагогах сваіх біць будуць вас,

18і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне на сьведчаньне перад імі і язычнікамі.

19Калі ж будуць выдаваць вас, ня турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;

20бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.

21І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька - сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб'юць іх;

22і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.

23Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо праўду кажу вам: не пасьпееце абысьці гарадоў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы.

24Вучань ня вышэйшы за настаўніка, і слуга ня вышэйшы за гаспадара свайго.

25Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дома назвалі Вэльзэвулам, дык ці ня тым болей хатніх яго?

26Дык вось, ня бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, што ня было б уведана.

27Што кажу вам у цемры, кажэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, прапаведуйце з дахаў.

28І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць ня могуць; а бойцеся болей Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у геене.

29Ці ж ня дзьве маленькія птушкі прадаюцца за асарый? І ніводная зь іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага;

30а ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны;

31дык ня бойцеся: вы лепшыя за многіх маленькіх птушак.

32Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах;

33а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго зракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах.

34Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прынесьці, а меч;

35бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным, і дачку з маці яе, і нявестку са сьвякрухай яе.

36І ворагі чалавеку - хатнія ягоныя.

37Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне;

38і хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе сьледам за Мною, той ня варты Мяне.

39Хто зьберагае душу сваю, страціць яе; а хто страціў душу сваю за Мяне, зьберажэ яе.

40Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне;

41хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарокавую атрымае; і хто прымае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведнікавую атрымае.

42І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.

← МАЦЬВЕЯ 9 МАЦЬВЕЯ МАЦЬВЕЯ 11 →

МАЦЬВЕЯ 10 — bielorrusso:

ইন্ডিয়ান রিভাইজড ভার্সন (IRV) - বেঙ্গলীBeaMRK: The Gospel of Mark in Beaver (Danezaa)