We Believe JesusFé, Esperança e Nova Vida

ПСАЛТЫР 108

Біблія (пераклад В.Сёмухі) · bielorrusso

← ПСАЛТЫР 107 ПСАЛТЫР ПСАЛТЫР 109 →

1Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2бо разьзявіліся на мяне вусны бязбожныя і вусны падступныя;

3адусюль атачылі мяне словамі нянавісьці, узбройваюць супраць мяне бяз прычыны;

4за любоў маю ваююць супраць мяне; а я малюся;

5аддаюць мне злом за дабро, за любоў маю - нянавісьцю.

6Пастаў над імі бязбожнага, і д'ябал хай стане праваруч яго.

7Калі будзе судзіцца, хай будзе вінаваты, і малітва ягоная няхай стане грэхам;

8хай дні ягоныя будуць кароткія, і пасад ягоны іншы хай прыймае;

9дзеці ягоныя няхай будуць сіротамі, а жонка ягоная - удавою;

10хай бадзяюцца дзеці ягоныя і жабруюць, і просяць хлеба з руінаў сваіх;

11хай захопіць ліхвяр усё, што ёсьць у яго, хай другія захопяць працу ягоную;

12хай ніхто яму не паспагадае; хай ніхто ня зьлітуецца зь сіротаў ягоных;

13хай будуць нашчадкі ягоныя на пагібель, і хай забудзецца іхняе імя ў наступным родзе;

14хай згадаецца прад Госпадам беззаконьне бацькоў ягоных, і грэх маці ягонай хай не загладзіцца;

15хай будуць заўсёды яны ў вачах Госпада, і хай вынішчыць Ён на зямлі пра іх памяць

16за тое, што ён ня думаў пра літасьць, а гнаў чалавека беднага і ўбогага і зламанага сэрцам, каб забіць яго;

17палюбіў праклён, і праклён спадобіць яго; не захацеў дабраславеньня, яно ад яго і адыдзе;

18хай у пракляцьце апранецца, быццам у рызу, і хай увойдзе яно, як вада, у нутробу ягоную і, як алей, у косткі ягоныя;

19хай будзе яно яму, нібы вопратка, у якую ён апранецца, і як пояс, якім заўсёды перапаясваецца.

20Такая аддача ад Госпада ворагам маім і тым, што ліхасловяць душу маю!

21Са мною, Госпадзе, Госпадзе, чыні дзеля імя Твайго, бо добрая міласьць Твая; уратуй мяне,

22бо я бедны і ўбогі, і сэрца маё паранена ўва мне.

23Я зьнікаю, быццам цень, калі хіліцца дзень, гоняць мяне, як саранчу.

24Калені мае зьнемаглі ад посту, і цела маё засталося бяз тлушчу.

25Я зрабіўся для іх пасьмешышчам; убачыўшы мяне, галовамі круцяць.

26Памажы мне, Госпадзе, Божа мой; уратуй мяне з ласкі Тваёй,

27хай уведаюць, што гэта Твая рука, і што Ты, Госпадзе, учыніў гэта.

28Яны праклінаюць, а Ты дабраславі; яны паўстаюць, але няхай будуць пасаромленыя; а раб Твой хай радуецца.

29Хай апрануцца праціўнікі мае ў ганьбу і, як вопраткаю, хай накрыюцца сорамам сваім.

30І я голасна буду вуснамі сваімі славіць Госпада і сярод мноства Яго праслаўляць:

31бо Ён стаіць праваруч беднага, каб ратаваць яго ад судзьдзяў душы ягонай.

← ПСАЛТЫР 107 ПСАЛТЫР ПСАЛТЫР 109 →

ПСАЛТЫР 108 — bielorrusso:

ইন্ডিয়ান রিভাইজড ভার্সন (IRV) - বেঙ্গলীBeaMRK: The Gospel of Mark in Beaver (Danezaa)