We Believe JesusFé, Esperança e Nova Vida

МАРКА 10

Біблія (пераклад В.Сёмухі) · bielorrusso

← МАРКА 9 МАРКА МАРКА 11 →

1Выправіўшыся адтуль, прыходзіць у межы Юдэйскія за Ярданам. Зноў зьбіраюцца да Яго людзі; і паводле звычаю Свайго, Ён зноў вучыў іх.

2Падышлі фарысэі і спыталіся, спакушаючы Яго: ці дазволена разводзіцца мужу з жонкаю?

3Ён сказаў ім у адказ: што наказаў вам Майсей?

4Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца.

5А Ісус сказаў ім у адказ: за жорсткае сэрца вашае ён напісаў вам гэтую запаведзь;

6а ў пачатку стварэньня, Бог мужчыну і жанчыну стварыў іх.

7Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці

8і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адною плоцьцю, так што яны ўжо ня двое, а адна плоць.

9Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.

10У доме вучні Ягоныя зноў спыталіся ў Яго пра тое самае.

11Ён сказаў ім: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб зь ёю;

12і калі жонка разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе за другога, пералюб чыніць.

13Прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні не дапускалі тых, што прыносілі.

14Убачыўшы гэта, Ісус разгневаўся і сказаў ім: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такім належыць Царства Божае;

15праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.

16І абняўшы іх, усклаў рукі на іх і дабраслаўляў іх.

17Калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?

18Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

19Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; ня крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці.

20А ён сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! Усё гэта захаваў я зь юнацтва майго.

21Ісус, зірнуўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: аднаго табе не стае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною, узяўшы крыж.

22А ён, ад гэтага слова сумеўшыся, адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць.

23І паглядзеўшы навакол, Ісус кажа вучням Сваім: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!

24Вучні жахнуліся ад словаў Ягоных. Але Ісус зноў кажа ім у адказ: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацьце, увайсьці ў Царства Божае!

25лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.

26А яны вельмі моцна зьдзіўляліся і гаварылі паміж сабою: хто ж можа ўратавацца?

27Ісус, зірнуўшы на іх, кажа: людзям гэта немагчыма, але ня Богу; бо ўсё магчымае Богу.

28І пачаў Пётр гаварыць Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.

29Ісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Мяне і Дабравесьця,

30і не атрымаў бы сёньня, у час гэты, сярод ганеньняў, устакроць больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і мацярок, і дзяцей, і земляў, а ў веку будучым жыцьця вечнага;

31а многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.

32Калі былі яны ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў паперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы сьледам за Ім, былі ў страху. Паклікаўшы дванаццаць, Ён зноў пачаў ім казаць пра тое, што будзе зь Ім:

33вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго язычнікам;

34і паглумяцца зь Яго, і біцьмуць Яго, і аплююць Яго, і заб'юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.

35Тады падышлі да Яго сыны Зевядзеевыя, Якаў і Ян, і сказалі: Настаўнік! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім.

36Ён сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам?

37Яны сказалі Яму: дай нам сесьці ў Цябе, аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе Тваёй.

38Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я п'ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?

39Яны адказвалі: можам. А Ісус сказаў ім: чару, якую Я п'ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца;

40а даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч - не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана.

41І пачуўшы, дзесяцёра пачалі абурацца Якавам і Янам.

42А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхнія ўладараць над імі;

43але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча быць большым між вамі, хай будзе вам слугою;

44і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе ўсім рабом;

45бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.

46Прыходзяць у Ерыхон. І калі выходзіў Ён зь Ерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам людзей, Варцімей, сын Цімееў, сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.

47Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычаць і казаць: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.

48Многія змушалі яго замоўкнуць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіваў! памілуй мяне.

49Ісус спыніўся і загадаў паклікаць яго. Клічуць сьляпога і кажуць яму: ня бойся, уставай, кліча цябе.

50Ён скінуў зь сябе верхнюю вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса.

51Адказваючы яму, Ісус спытаўся: чаго ты хочаш ад Мяне? Сьляпы сказаў Яму: Настаўнік! каб зноў бачыць.

52Ісус сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ісусам па дарозе.

← МАРКА 9 МАРКА МАРКА 11 →

МАРКА 10 — bielorrusso:

ইন্ডিয়ান রিভাইজড ভার্সন (IRV) - বেঙ্গলীBeaMRK: The Gospel of Mark in Beaver (Danezaa)