We Believe JesusFé, Esperança e Nova Vida

ЛУКАША 20

Біблія (пераклад В.Сёмухі) · bielorrusso

← ЛУКАША 19 ЛУКАША ЛУКАША 21 →

1У адзін з тых дзён, калі Ён вучыў людзей у храме і зьвеставаў, падступіліся першасьвятары і кніжнікі з старэйшынамі

2і сказалі Яму: скажы нам, якою ўладаю Ты гэта робіш, альбо хто Табе даў уладу такую?

3Ён сказаў ім у адказ: і Я ў вас пра адно папытаюся, і скажэце Мне:

4хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей?

5А яны, разважаючы паміж сабою, казалі: калі скажам: зь нябёсаў, дык скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»,

6а калі скажам: «ад людзей», дык увесь люд паб'е нас камянямі, бо ён упэўнены, што Ян ёсьць прарок.

7І адказвалі: ня ведаем адкуль.

8Ісус сказаў ім: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.

9І пачаў Ён гаварыць народу прытчу такую: адзін чалавек насадзіў вінаграднік і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся на доўгі час;

10і ў свой час паслаў да вінаградараў раба, каб яны далі яму пладоў зь вінаградніка; але вінаградары, прыбіўшы яго, адаслалі ні з чым.

11Яшчэ паслаў другога раба; але яны і гэтага, прыбіўшы і зганіўшы, адаслалі ні з чым.

12І яшчэ паслаў трэйцяга; але яны і таго, пакалечыўшы, выгналі.

13Тады сказаў гаспадар вінаградніка: што мне рабіць? пашлю сына майго любаснага; можа, убачыўшы яго, пасаромеюцца.

14Але вінаградары, убачыўшы яго, разважалі паміж сабою, кажучы: гэта спадчыньнік; хадзем, заб'ём яго, і спадчына ягоная будзе наша.

15І, вывеўшы яго вонкі зь вінаградніка, забілі. Што ж зробіць зь імі гаспадар вінаградніка?

16Прыйдзе і загубіць вінаградараў тых і аддасьць вінаграднік іншым. Тыя, што чулі гэта, сказалі: хай ня будзе!

17Але Ён, зірнуўшы на іх, сказаў: што азначае гэта, напісанае: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім»?

18Кожны, хто ўпадзе на той камень, разаб'ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.

19І намышлялі тым часам першасьвятары і кніжнікі, каб накласьці на Яго рукі, але пабаяліся народу, бо зразумелі, што пра іх сказаў Ён гэтую прытчу.

20І сочачы за Ім, падаслалі падступных людзей, якія прыкінуўшыся пабожнымі, падлавілі б Яго на якім-небудзь слове, каб перадаць Яго начальству і ўладзе правіцеля.

21І яны спыталіся ў Яго: Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзіва гаворыш і вучыш, і не зважаеш на аблічча, а праўдзіва шляху Божаму вучыш;

22ці дазваляецца нам даваць падатак кесару, ці не?

23А Ён, разгадаўшы злахітрасьць іхную, сказаў ім: што вы Мяне спакушаеце?

24пакажэце Мне дынар: чыя на ім выява і надпіс? Яны адказвалі: кесаравыя.

25Ён ім сказаў: дык аддайце кесару кесаравае, а Божае Богу.

26І не маглі падлавіць Яго ў слове перад людзьмі і, зьдзівіўшыся з адказу Ягонага, замоўклі.

27Тады падыйшлі некаторыя з садукеяў, што адмаўляюць уваскрэсеньне, і спыталіся ў Яго:

28Настаўнік! Майсей напісаў нам, што калі ў каго памрэ брат, які меў жонку, і памрэ бязьдетны, дык брат ягоны павінен узяць ягоную жонку і адрадзіць семя брату свайму.

29Было сем братоў: першы, узяўшы жонку, памёр бязьдзетны;

30узяў тую жонку другі, і той памёр бязьдетны;

31узяў яе трэйці, таксама і ўсе сямёра, і памерлі, не пакінуўшы дзяцей;

32пасьля ўсіх памерла і жонка.

33Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь іх яна будзе жонкаю? бо сямёра яе мелі за жонку.

34Ісус сказаў ім у адказ: дзеці веку гэтага жэняцца і выходзяць замуж;

35а тыя, што спадобіліся дасягнуць таго веку і ўваскрэсеньня зь мёртвых, ні жэняцца, ні замуж ня выходзяць,

36і памерці ўжо ня могуць, бо яны роўныя анёлам і ёсьць сыны Божыя, будучы сынамі ўваскрэсеньня;

37а што мёртвыя ўваскрэснуць, і Майсей паказаў пры купіне, калі назваў Госпада Богам Абрагама і Богам Ісака і Богам Якава.

38Бог жа ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых, бо ў Яго ўсе жывыя.

39На гэта некаторыя з кніжнікаў сказалі: Настаўнік! Ты добра сказаў.

40І ўжо не адважваліся распытваць Яго ні пра што. А Ён сказаў ім:

41як кажуць, Хрыстос ёсьць сын Давідаў?

42А сам Давід кажа ў кнізе Псальмаў: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне,

43пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».

44Дык вось, Давід Госпадам называе Яго: як жа Ён сын яму?

45І калі слухаў увесь народ, Ён сказаў вучням Сваім:

46Асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і любяць вітаньні на сходах народных, сядзець наперадзе ў сынагогах, і ўзьляжаць наперадзе на гасьцінах,

47якія паядаюць дамы ўдоваў і крывадушна доўга моляцца; яны прымуць тым большую асуду.

← ЛУКАША 19 ЛУКАША ЛУКАША 21 →

ЛУКАША 20 — bielorrusso:

ইন্ডিয়ান রিভাইজড ভার্সন (IRV) - বেঙ্গলীBeaMRK: The Gospel of Mark in Beaver (Danezaa)