We Believe JesusFé, Esperança e Nova Vida

ЕРАМІІ 48

Біблія (пераклад В.Сёмухі) · bielorrusso

← ЕРАМІІ 47 ЕРАМІІ ЕРАМІІ 49 →

1Пра Мааў так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: гора Нэво! ён спустошаны; Карыятаім пасаромлены і ўзяты; Мізгаў пасаромлены і разьбіты.

2Няма болей славы Маава; у Эсэвоне намышляюць супроць яго ліхое: «хадзем», скасуем яго зь ліку народаў». І ты, Мадмэна, загінеш; меч ідзе сьледам за табою.

3Чуцен лямант ад Аранаіма, спусташэньне і разбурэньне вялікае.

4Разьбіты Мааў; ляманту нарабілі дзеці ягоныя.

5На ўзыходзе ў Лухіт плач і плач падымаецца; і на спуску з Аранаіма непрыяцель чуе лямант пра руйнаваньне.

6Уцякайце, ратуйце жыцьцё сваё, і будзьце падобныя на голае дрэва ў пустыні.

7Як бо ты спадзяваўся на дзеі твае і на скарбы твае, дык і ты будзеш узяты, Хамос пойдзе ў палон, разам са сваімі сьвятарамі і сваімі князямі.

8І прыйдзе спусташальнік на ўсякі горад, і горад не ацалее; і загіне даліна, і апусьцее раўніна, як сказаў Гасподзь.

9Дайце крылы Мааву, каб ён мог паляцець; гарады яго будуць пустыняю, бо ня будзе каму жыць у іх.

10Пракляты, хто справу Гасподнюю робіць абы як, і пракляты, хто стрымлівае меч Яго ад крыві!

11Мааў з маладосьці сваёй быў у спакоі, сядзеў на дрожджах сваіх і яго не пералівалі з посуду ў посуд, і ў палон не хадзіў; таму і заставаўся ў ім смак яго, і пах яго не мяняўся.

12Таму вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі Я прышлю да яго пералівальнікаў, якія перальюць яго і спарожняць посуд яго, і паб'юць збаны ягоныя.

13І пасаромлены будзе Мааў дзеля Хамоса, як дом Ізраілеў пасаромлены быў дзеля Вэтыля, надзеі сваёй.

14Як вы кажаце: «мы людзі адважныя і моцныя для вайны?»

15спустошаны Мааў, і гарады яго гараць, і адборныя хлопцы яго пайшлі на закол, кажа Цар, - Гасподзь Саваоф імя Яго.

16Блізкая пагібель Маава, і вельмі сьпяшаецца бедства ягонае.

17Пашкадуйце яго ўсе суседзі ягоныя, і ўсе, хто ведае імя яго, скажэце: «як паламана жазло сілы, посах славы!»

18Сыдзі з вышыні велічы і сядзі ў смазе, дачка - жыхарка Дывона; бо спусташальнік Маава прыйдзе да цябе і зруйнуе ўмацаваньні твае.

19Стань каля дарогі і глядзі, жыхарка Араэра, пытайся ў таго, хто бяжыць і ратуецца: «што сталася?»

20Пасаромлены Мааў, бо разьбіты; галасеце і енчыце, абвясьцеце ў Арноне, што спустошаны Мааў.

21І суд прыйшоў на раўніны, на Халон і на Яацу, і на Мафат,

22і на Дывон і на Нэво, і на Бэт-Дыўлатаім,

23і на Карыятаім і на Бэт-Гамул, і на Бэт-Маон,

24і на Керыот на Васор, і на ўсе гарады зямлі Маавіцкай, далёкія і блізкія.

25Адсечаны рог у Маава, і мышца яго зламана, кажа Гасподзь.

26Напаеце яго п'яным, бо ён падняўся супроць Госпада: і хай Мааў качаецца ў ванітах сваіх, і сам будзе пасьмешышчам.

27Ці ня быў пасьмешышчам, у цябе Ізраіль? хіба ён быў злоўлены сярод злодзеяў, што ты, бывала, як толькі загаворыш пра яго, круціш галавою?

28Пакіньце гарады і жывеце на скалах, жыхары Маава, і будзьце, як галубы, якія робяць гнёзды каля ўваходу ў пячору.

29Мы чулі пра гонар Маава, гонар надмерны, пра ягоную пыху і фанабэрыю, і задавацтва яго і ганарлівасьць сэрца ягонага.

30Ведаю Я дзёрзкасьць ягоную, кажа Гасподзь, але гэта - ненадзейна; пустыя словы ў яго: ня так зробяць.

31Таму буду галасіць па Мааве і енчыць па ўсім Мааве; будуць уздыхаць па мужчынах Кірхарэса.

32Буду плакаць па табе, вінаграднік Сэвамскі, плачам Язэра; галіны твае распасьцерліся за мора, дасталі да возера Язэра; спусташальнік напаў на летнія плады твае і на сьпелы вінаград.

33Радасьць і весялосьць забраны ў Карміла і ў зямлі Маава. Я паклаў крэс віну ў чавільнях; ня будуць болей таптаць у іх зь песьнямі; крык бітвы будзе, а ня крык радасьці.

34Ад ляманту Эсэвона да Элеалы і да Яацы яны падымуць голас свой ад Сігора да Аранаіма, да трэцяй Эглы, бо і воды Німрыма высахнуць.

35Зьнішчу ў Маава, кажа Гасподзь, тых, што прыносяць ахвяры на вышынях і кадзяць божышчам ягоным.

36Таму сэрца маё стогне па Мааве як жалейка; па жыхарах Кірхарэса стогне сэрца маё як жалейка, бо багацьці, імі здабытыя, загінулі:

37у кожнага галава голая і ў кожнага барада ўкарочаная; ва ўсіх на руках драпіны і на сьцёгнах вярэта.

38На ўсіх дахах Маава і на вуліцах яго агульны плач, бо Я разьбіў Маава, як непатрэбны посуд, кажа Гасподзь.

39Які разьбіты ён, будуць казаць галосячы; як Мааў пакрыўся сорамам, паказаўшы сьпіну! і будзе Мааў пасьмешышчам і жахам усім, хто акружае яго,

40бо так кажа Гасподзь: вось, як арол, паляціць ён і раскіне крылы свае над Маавам.

41Гарады будуць узятыя, і цьвярдыні заваёваны, і сэрца адважных Маавіцян будзе ў той дзень як сэрца жанчыны, што пакутуе ў родах.

42І вынішчаны будзе Мааў зь ліку народаў, бо ён паўстаў супроць Госпада.

43Жудасьць і яма і шворка - табе, жыхар Маава, сказаў Гасподзь.

44Хто ўцячэ ад жудасьці, - упадзе ў яму; а хто выйдзе зь ямы, - трапіць у шворку; бо Я навяду на яго, на Маава, гадзіну наведваньня іх, кажа Гасподзь.

45Пад ценем Эсэвона спыніліся ўцекачы, зьнясілеўшы; але агонь выйшаў з Эсэвона і полымя з асяродзьдзя Сігона, і зжарэ бок Маава і цемя сыноў мяцежных.

46Гора табе, Мааве! загінуў народ Хамоса, бо сыны твае ўзяты ў палон, і дочкі твае - у палон,

47але апошнімі днямі вярну палон Маава, кажа Гасподзь. Дагэтуль суд на Маава.

← ЕРАМІІ 47 ЕРАМІІ ЕРАМІІ 49 →

ЕРАМІІ 48 — bielorrusso:

ইন্ডিয়ান রিভাইজড ভার্সন (IRV) - বেঙ্গলীBeaMRK: The Gospel of Mark in Beaver (Danezaa)