We Believe JesusFé, Esperança e Nova Vida

ІСАІ 30

Біблія (пераклад В.Сёмухі) · bielorrusso

← ІСАІ 29 ІСАІ ІСАІ 31 →

1Гора непакорлівым сынам, кажа Гасподзь, якія робяць народы, але безь Мяне, і ў спрымірэнства ўступаюць, але бяз духа Майго, каб далучаць грэх да грэху:

2ня спытаўшыся вуснаў Маіх, ідуць у Егіпет, каб падмацаваць сябе сілаю фараонавай і схавацца пад ценем Егіпта.

3Але сіла фараона будзе вам сорамам, і прытулак пад ценем Егіпта - ганьбаю;

4бо князі ягоныя ўжо ў Цаане, і паслы ягоныя дайшлі да Ханэса.

5Усе яны будуць пасаромленыя за народ, ад якога карысьці няма ім; ня будзе ад яго ні дапамогі, ні карысьці, а - сорам і глум.

6Цяжар на жывёлах, якія ідуць на поўдзень, па зямлі прыгнёту і ўціску, адкуль выходзяць ільвіцы ды ільвы, асьпіды і лятучыя зьмеі; яны нясуць на хрыбтах аслоў багацьці свае і на гарбах вярблюдаў скарбы свае народу, ад якога ня будзе ім карысьці.

7Бо дапамога Егіпта будзе марная і дарэмная; таму Я сказаў ім: сіла іхняя - сядзець спакойна.

8Цяпер ідзі, накрэсьлі гэта на дошцы ў іх, і запішы гэта ў кнігу, каб засталося на будучы час, назаўсёды, навечна.

9Бо гэта люд мяцежны, дзеці хлусьлівыя, дзеці, якія ня хочуць слухаць закону Гасподняга,

10якія празорлівым кажуць: «перастаньце прарочыць», і прарокам: «не прарочце нам праўды, кажэце нам даспадобнае, прадказвайце прыемнае;

11сыдзеце з дарогі, ухілецеся ад шляху; зьвядзеце з вачэй нашых Сьвятога Ізраілевага».

12Пасьля гэтага кажа Сьвяты Ізраілеў: за тое, што вы адкідаеце слова гэтае, а спадзеяцеся на падман і няпраўду, і абапіраецеся на тое,

13дык беззаконьне гэта будзе вам, як выяўленая трэшчына, што пагражае руйнаваньнем высокага муру, разбурэньне якога настане раптоўна, у адно імгненьне.

14І Ён разбурыць яе, як разьбіваюць гліняны посуд, не шкадуючы, так што ў абломках яго ня знойдзецца і чарапка, каб узяць жару з агменю, альбо зачарпнуць вады з сажалкі;

15бо так кажа Гасподзь Бог, Сьвяты Ізраілеў: застаючыся на месцы і ў спакоі, вы ўратаваліся б; у цішыні і спадзяваньні і моцнасьць вашая; але вы не хацелі

16і казалі: «не, мы на конях уцячэм», - затое і пабяжыце; «мы на хуткіх паскачам» - затое і перасьледавальнікі вашыя будуць борздыя.

17Ад пагрозы аднаго пабяжыць тысяча, ад пагрозы пяцёх пабяжыце так, што рэшта вас будзе як тычка на вяршыні гары і як харугва на пагорку.

18І таму Гасподзь чакае, каб памілаваць вас, і таму яшчэ стрымліваецца, каб умілажаліцца з вас; бо Гасподзь ёсьць Бог праўды: дабрашчасныя - усе, хто надзею кладзе на Яго!

19Народ будзе жыць на Сіёне ў Ерусаліме; ты ня будзеш доўга плакаць, - Ён памілуе цябе, паводле голасу твайго, і як толькі пачуе яго, - адкажа табе.

20Дасьць вам Гасподзь хлеб у гароце і ваду ў нягодзе; і настаўнікі твае ўжо ня будуць хавацца, і вочы твае будуць бачыць настаўнікаў тваіх;

21і вушы твае будуць чуць словы за табою, што кажуць: «вось дарога, ідзеце па ёй», калі б вы збочылі направа, і калі б вы збочылі налева.

22Тады вы будзеце лічыць за агіду аздобу балваноў з срэбра твайго і аздобу ідалаў з золата твайго; ты кінеш іх, як брыду; ты скажаш ім: прэч адгэтуль.

23І дасьць Ён дажджу на насеньне тваё, якім засееш поле, і збажыну, плод зямлі, і яна будзе багатая і сакавітая; статкі твае ў той дзень будуць пасьвіцца на шырокіх пашах.

24І валы і аслы, што ўрабляюць поле, есьцімуць корм салёны, ачышчаны шуфлем і гарфаю.

25І на кожнай гары высокай і на кожным пагорку ўзвышаным пацякуць ручаі, патокі вады, у дзень вялікае бітвы, калі абваляцца вежы.

26І сьвятло месяца будзе, як сьвятло сонца, а сьвятло сонца будзе сьвятлей у сем разоў, як сьвятло сямі дзён, таго дня, калі Гасподзь завяжа рану люду Свайго і загоіць накладзеныя на яго пошасьці.

27Вось, імя Госпада ідзе здалёк, гарыць гнеў Ягоны, і полымя ў Яго вялікае, вусны ў Яго поўныя абурэньня, і язык у Яго, як агонь пажыральны,

28і дыханьне ў Яго, як разьліты паток, які падымаецца нават да шыі, каб разьвеяць людзей на зьмізарненьне; і будуць у сківіцах люду цуглі, якія пакіруюць да аблуды.

29А ў вас будуць песьні, як у ноч сьвяшчэннага сьвята, і весялосьць на сэрцы, як у таго, хто ідзе з жалейкаю на гару Гасподнюю, да цьвярдыні Ізраілевай.

30І загрыміць Гасподзь велічным голасам Сваім і пакажа моц пляча Свайго моцным гневам і полымем пажыральнага агню, бураю і паводкаю і каменным градам.

31Бо ад голасу Гасподняга скаланецца Асур, жазлом пабіваны.

32І кожны рух вызначанага яму жазла, які Гасподзь скіруе на яго, будзе з тымпанамі і цытрамі, і Ён пойдзе супроць яго вайною спусташальнаю.

33Бо Тофэт даўно ўжо гатовы; ён падрыхтаваны ўжо і цару, глыбокі і шырокі; у вогнішчы яго шмат агню і дроў; подзьмух Гасподні, як паток серкі, запаліць яго.

← ІСАІ 29 ІСАІ ІСАІ 31 →

ІСАІ 30 — bielorrusso:

ইন্ডিয়ান রিভাইজড ভার্সন (IRV) - বেঙ্গলীBeaMRK: The Gospel of Mark in Beaver (Danezaa)