We Believe JesusFé, Esperança e Nova Vida

ВЫХАД 29

Біблія (пераклад В.Сёмухі) · bielorrusso

← ВЫХАД 28 ВЫХАД ВЫХАД 30 →

1Вось, што павінен ты ўчыніць зь імі, каб прысьвяціць іх у сьвятары Мне; вазьмі адно цяля з валоў, і два бараны без пахібы,

2і хлябоў прэсных, і праснакоў, зьмешаных з алеем, і ляпёшак прэсных, памазаных алеем: з мукі пшанічнай сьпячы іх;

3і пакладзі іх у адзін кош, і прынясі іх у кашы, і разам цяля і двух бараноў.

4А Аарона і сыноў ягоных прывядзі да ўваходу ў скінію сходу і абмый іх вадою.

5І вазьмі вопратку, і апрані Аарона ў хітон і ў верхнюю рызу, у эфод і ў нагруднік, і аперажы яго па эфодзе;

6і надзень яму на галаву кідар і ўмацуй дыядэму сьвятыні на кідары;

7і вазьмі алей памазаньня, і вылі яму на галаву, і памаж яго.

8І прывядзі таксама сыноў ягоных і апрані іх у хітоны;

9і аперажы іх поясам, Аарона і сыноў ягоных, і накладзі на іх павязкі, і будзе ім належаць сьвятарства паводле статута навекі; і напоўні рукі Аарона і сыноў ягоных.

10І прывядзі цяля да скініі сходу, і пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву цяляці;

11і закалі цяля перад абліччам Гасподнім каля ўваходу ў скінію сходу;

12вазьмі крыві цяляці і накладзі пальцам тваім на рогі ахвярніка, а ўсю кроў вылі пад ахвярнік;

13вазьмі ўвесь лой, які пакрывае вантробы, і сальнік зь печані і абедзьве ныркі, і спалі на ахвярніку;

14а мяса цяляці і скуру яго і бруд яго спалі на агні па-за табарам: гэта ахвяра за грэх.

15І вазьмі аднаго барана, і пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;

16і закалі барана, і вазьмі крыві ягонай, і пакрапі на ахвярнік з усіх бакоў;

17разатні барана на часткі, вымый вантробы ягоныя і галені ягоныя, і пакладзі на расьсечаныя часткі яго і на галаву яго;

18і спалі ўсяго барана на ахвярніку: гэта цэласпаленьне Госпаду, духмянасьць прыемная, ахвяра Госпаду.

19Вазьмі і другога барана, і хай пакладуць Аарон і сыны ягоныя рукі свае на галаву барана;

20і закалі барана, і вазьмі крыві ягонай, і пакладзі на край вуха Ааронавага і на край правага вуха сыноў ягоных, і на вялікі палец правай нагі іхняй; і пакрапі крывёю ахвярнік з усіх бакоў;

21і вазьмі крыві, якая на ахвярніку, і алею памазаньня, і пакрапі на Аарона і на вопратку ягоную, і на сыноў ягоных і на вопратку сыноў ягоных зь ім, - і будуць асьвечаныя, ён і вопратка ягоная, і сыны ягоныя і вопратка іхняя зь ім.

22І вазьмі з барана лой і курдзюк, і здор, які пакрывае вантробы, і сальнік зь печані, і абедзьве ныркі і лой, які на іх, правую лапатку,

23і адзін круглы хлеб, адну ляпёшку на алеі і адзін праснак з каша, які перад Госпадам,

24і пакладзі ўсё на руку Аарону і на рукі сынам ягоным, і прынясі гэта, патрасаючы перад абліччам Гасподнім;

25і вазьмі гэта з рук іхніх і спалі на ахвярніку з цэласпаленьнем, дзеля духмянасьці перад Госпадам; гэта ахвяра Госпаду.

26І вазьмі грудзіну барана ўручэньня, які для Аарона, і прынясі іх, патрасаючы перад абліччам Гасподнім, - і гэта будзе твая доля;

27і асьвяці грудзіну прынашэньня, якою патрасаў, і лапатку паднашэньня, якую падносіў, з барана ўручэньня, які для Аарона і для сыноў ягоных, -

28і будзе гэта Аарону і сынам ягоным у надзел вечны ад сыноў Ізраілевых, бо гэта - паднашэньне; паднашэньне павінна быць ад сыноў Ізраілевых пры мірных ахвярах, паднашэньне іх Госпаду.

29А сьвяшчэнная вопратка, якая для Аарона, пяройдзе пасьля яго да сыноў ягоных, каб у ёй памазваць іх і ўручаць ім сьвятарства;

30сем дзён павінен апранацца ў іх сьвятар з сыноў ягоных, які заступае яго месца, які будзе ўваходзіць у скінію сходу дзеля служэньня ў сьвятыні.

31А барана ўручэньня вазьмі і згатуй мяса ягонае на месцы сьвятым;

32і хай зьядуць Аарон і сыны ягоныя мяса барана гэтага з каша, каля дзьвярэй скініі сходу,

33бо праз гэта зьдзяйсьняецца ачышчэньне дзеля ўручэньня ім сьвятарства і дзеля прысьвячэньня іх; староньні не павінен есьці гэтага, бо гэта сьвятыня;

34калі застанецца ад мяса ўручэньня і ад хлеба да раніцы, дык спалі рэшту на агні: ня трэба есьці яго, бо гэта сьвятыня.

35І зрабі з Ааронам і з сынамі ягонымі ва ўсім так, як Я загадаў табе; сем дзён напаўняй рукі іхнія.

36І цяля за грэх прынось кожны дзень дзеля ачышчэньня, і ахвяру за грэх учыняй на ахвярніку дзеля ачышчэньня яго, і памаж яго дзеля ачышчэньня яго;

37сем дзён ачышчай ахвярнік, і асьвяці яго, і будзе ахвярнік сьвятыня вялікая: усё, што дакранаецца да ахвярніка, асьвеціцца.

38Вось, што будзеш ты прыносіць на ахвярніку: двух ягнят аднагодкаў кожны дзень пастаянна:

39адно ягня прынось раніцай, а другое ягня прынось увечары,

40і дзясятую частку эфы пшанічнай мукі, зьмешанай з чвэрцю гіна чаўленага алею, а дзеля выліваньня чвэрць гіна віна, на адно ягня;

41другое ягня прынось увечары: з мучным дарам, падобным на ранішні, і з такім самым выліваньнем прынось яго дзеля духмянасьці прыемнай, у ахвяру Госпаду.

42Гэта цэласпаленьне заўсёднае ў роды вашыя перад дзьвярамі скініі сходу перад Госпадам, дзе буду адкрывацца вам, каб гаварыць з табою;

43там буду адкрывацца сынам Ізраілевым, і асьвеціцца месца гэтае славаю Маёю.

44І асьвячу скінію сходу і ахвярнік; і Аарона і сыноў ягоных асьвячу, каб яны сьвятарылі Мне;

45і жыцьму сярод сыноў Ізраілевых і буду ім Богам,

46і ўведаюць, што Я Гасподзь, Бог іхні, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, каб Мне жыць сярод іх. Я Гасподзь Бог іхні.

← ВЫХАД 28 ВЫХАД ВЫХАД 30 →

ВЫХАД 29 — bielorrusso:

ইন্ডিয়ান রিভাইজড ভার্সন (IRV) - বেঙ্গলীBeaMRK: The Gospel of Mark in Beaver (Danezaa)